УСХО́ДНЕАЗІЯ́ЦКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ, Гімалайска-Кітайская біягеаграфічная вобласць. Уключае: Прымор’е, Паўн. і Сярэдні Кітай, Карэю, Японію (акрамя в-ва Хакайда), Усх. Тыбет і ўсх. ч. паўд. схілу Гімалаяў. Уваходзіць у царства Арктагею.

Асн. расл. фармацыяй з’яўляецца лісцевы лес (на Пд вечназялёны). Вял. тэрыторыю займаюць горы (з верт. занальнасцю расліннасці). З сям. раслін найб. паказальныя субэндэмічныя — дыптэракарпавыя і няпентасавыя, эндэмічныя — тэтрамерыстацыевыя і сцыфастэгіяцыевыя. Жывёльны свет разнастайны. Сярод млекакормячых найб. характэрныя розныя віды аленяў (беламорды, вадзяны, плямісты і інш.), казлы (гарал, серау, такін), малпы (макакі, танкацелы), эндэмічныя віды насякомаедных (гімнуры, магеры, землярыйка-крот); з грызуноў — пішчухі, эндэмічныя паўднёваазіяцкія палёўкі, пацуковападобныя хамячкі, дрэвавы заяц; з драпежнікаў — янотападобны сабака, чырвоны воўк, гімалайскі мядзведзь, малая і вял. панды, тыгр, дымчаты леапард, ірбіс, харза. Сярод птушак шмат разнастайных фазанаў, зімародкаў, жураўлі, стрыжы, чырвананогі ібіс; з паўзуноў — чарапахі трыоніксы, полазы, ксенадэрмы, гадзюкі (бірманская, ланцужковая), шчытаморднік, яшчаркі (геконы, сцынкі, лясная даўгахвостка); з земнаводных — трытоны, іспалінская, або гіганцкая, саламандра. Сярод рыб: карась сярэбраны, белы і чорны амуры, жаўтапёры, касаткавыя самы і інш. У энтамафауне каля 50% эндэмічных відаў, сярод насякомых шмат рэліктавых жукоў (пырскуны, рэліктавы вусач) і матылёў, якія нагадваюць трапічныя формы.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Усходне-Азіяцкая біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — гадзюка ланцужковая; 2 — вусач рэліктавы; 3 — харза; 4 — панда малая; 5 — панда вялікая (мядзведзь бамбукавы); 6 — ібіс чырвананогі; 7 — такін; 8 — алень вадзяны.

т. 16, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)